З Купалам у сэрцы жывём

7 ліпеня 1882 года нарадзіўся  Янка Купалакласік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі, духоўны лідэр беларускага нацыянальнага адраджэння. Паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч.

Напярэдадні знамянальнай падзеі ў нашай бібліятэцы ладзілася паэтычная гадзіна «З Купалам у сэрцы жывём».

Разам з чытачамі мы чыталі вершы народнага паэта, вядомыя нам з самага дзяцінства. Прагучалі таксама паэтычныя творы Міколы Аўрамчыка, Веры Бруевай, Паўла Пруднікава, Сяргея Грахоўскага, Леаніда Дайнекі і іншых паэтаў, прысвечаныя Янку Купале. А яшчэ здарылася так, што ў нашага чытача Ягора дзень нараджэння таксама 7 ліпеня, як і ў Купалы 🙂 Мы пажадалі юнаку, каб абавязкова здзейсніліся ўсе яго мары, а жыццё поўнілася толькі самымі яркімі і шчаслівымі падзеямі.

Да імпрэзы была арганізавана кніжная выстава. Літаратура, якая была на ёй прадстаўлена, адлюстроўвала жыццёвы і творчы шлях Янкі Купалы. Тут жа увазе чытачоў былі прадстаўлены і творы вядомага класіка.

Янка Купала пражыў няпростае жыццё, поўнае цяжкасцей і выпрабаванняў. Аднак яго высокія якасці як чалавека, грамадзяніна і творцы: сумленнасць, высакароднасць, гуманізм, любоў да свайго народа і Айчыны, вернасць вызначальнай ідэі ўсёй яго творчасці — нацыянальнаму, сацыяльнаму і духоўнаму разняволенню людзей, раскрытай на высокім мастацкім узроўні, заставаліся нязменнымі і неаспрэчнымі з цягам часу. Беларускі пясняр стаіць ў шэрагу тых вялікіх мастакоў свету, якім дадзена глыбока спазнаць сутнасць свайго часу, народа, яго гісторыі і выказаць гэта ў яскравай, толькі ім уласцівай форме.

Нельга не пагадзіцца з наступнай ацэнкай беларускіх літаратуразнаўцаў: «Творчасць Янкі Купалы — летапіс жыцця беларускага народа, адбітак нацыянальнага характару, нацыянальнага светаразумення і паэтычнага светаўспрымання на пераломных гістарычных рубяжах 1-й паловы XX ст. Яна вызначаецца глыбокай народнасцю, мастацкай арыгінальнасцю, нацыянальнай адметнасцю».

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.