Бусел — сімвал Беларусі
Сёння ў Навагрудскай бібліятэцы сямейнага чытання прайшоў урок-знаёмства з адным з прыродных сімвалаў Беларусі — белым буслам.
Нашы маленькія чытачы гэтай вясной ўжо бачылі ў небе буслоў, якія прыляцелі з выраю. А сёння з дапамогай кніг, відэапрэзентацый і пазнавальнай віктарыны пазнаёміліся з гэтай прыгожай птушкай больш падрабязна. Дзеці даведаліся шмат цікавага пра бусла. Напрыклад, што ў час пералётаў ён можа засынаць, не апускаючыся на зямлю, прама ў палёце, і спаць да 10 хвілін! Ці, напрыклад, што вага буслінага гнязда можа дасягаць 200-250 кг, а навукоўцам-арнітолагам вядомы выпадак, калі гняздо праіснавала аж 381 год, і ў ім выгадавалася шмат пакаленняў птушак. Хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі вершы і песні пра бусла, складалі пазлы, адказвалі на пытанні віктарыны, а з дапамогай відэа-роліка «Мой сябар — Бусел» зразумелі, што буслы — сапраўды сябры чалавека. Бо, як кажуць у народзе, буслы прыносяць людзям шчасце! І, калі мы хочам, каб яны і далей вярталіся да нас, трэба берагчы прыроду, не разбураць гнёзды, не палохаць птушак.
А зараз для ўсіх вас, сябры, Буслінае ПРАКТЫКАВАННЕ:
Ці ведалі вы, што ў слове БУСЕЛ націск заўсёды на першым складзе (на аснове), а ў слове БУСЛЫ – на другім (на канчатку)?
бУсел, бУсла, бУслу, бУслам, аб бУсле, але буслЫ, буслОў, буслАм, буслАмі, аб буслАх!