Квітней, зямля бацькоў маіх!
3 ліпеня краіна адзначыла Дзень незалежнасці. Наша бібліятэка таксама прыняла ўдзел у святкаванні.
Для сваіх чытачоў, навагрудчан і гасцей нашага горада мы арганізавалі літаратурна-забаўляльную пляцоўку «Квітней, зямля бацькоў маіх!»
Увазе дарослых і дзяцей была прапанавана кніжная выстава. Літаратура, прадстаўленая на ёй, знаёміла з гістарычным мінулым, сучаснымі сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі аспектамі жыцця Рэспублікі Беларусь, расказвала аб шырыні беларускай душы і прыгажосці роднай прыроды. Дзяцей асабліва радавалі прыгожыя кнігі з цікавымі беларускімі казкамі.
І дзецям, і дарослым вельмі спадабаліся забавы, якія мы для іх прыгатавалі ў гэты дзень. Госці нашай пляцоўкі з задавальненнем малявалі з заплюшчанымі вачыма, гулялі ў розныя гульні, адказвалі на пытанні віктарыны«Мая Беларусь», адгадвалі загадкі.
Разыначкай нашай праграмы быў выраб святочнай паштоўкі. Дзеці з задавальненнем праяўлялі сваю фантазію, а зробленую сваімі рукамі паштоўку з пяшчотай дарылі сваім родным і блізкім.
Дарагія сябры! Жадаем шчасця, здароўя, дабрабыту вам і вашім блізкім! Няхай над галавой заўжды будзе чыстае мірнае неба, а кожны дзень вашага жыцця будзе напоўнены радасцю і душэўнай цеплынёю!