Свой талент шчодры аддаў Беларусі

Сёння, 26 лістапада, мы адзначаем 95-гадовы юбілей выдатнага пісьменніка, паэта, драматурга, класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.

Уладзімір Сямёнавіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў Оршы Віцебскай вобласці ў сям’і інтылегентаў. Бацька, Сямён Цімафеевіч, працаваў інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці, Надзея Васільеўна, скончыла Магілёўскую Марыінскую гімназію і нейкі час працавала сельскай настаўніцай. Вялікі ўплыў на Караткевіча аказаў дзед, бацька яго маці, Васіль Юльянавіч Грынкевіч, які даслужыўся да губернскага скарбніка. Ад яго Уладзімір пачуў мноства беларускіх народных легенд і паданняў, дзякуючы яму Ён палюбіў гісторыю і прыроду. Многія апавяданні дзеда сталі крыніцай сюжэтаў для будучых твораў пісьменніка.

Шырокае прызнанне як у Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла Уладзіміру Караткевічу яго проза. Ён праявіў сябе як пісьменнік, у літаратурнай творчасці якога значнае месца займалі творы на гістарычныя тэмы. Караткевіч стаў першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. Уладзімір Сямёнавіч узбагаціў беларускую літаратуру аповесцямі» Сівая легенда»,» Дзікае паляванне караля Стаха», раманамі» Хрыстос прызямліўся ў Гародні » і «Чорны замак Альшанскі». Ён таксама з’яўляецца аўтарам шматлікіх апавяданняў i казак, шэрагу п’ес, эсэ, артыкулаў, кінасцэнарыяў.

Памёр таленавіты пісьменнік у 1984 годзе. Лёс яму даў кароткае жыццё — няпоўных 54 гады, аднак ён здолеў бліскуча праявіць сябе ў паэзіі і мастацкай прозе, публіцыстыцы і крытыцы, перакладчыцкай справе, драматургіі для тэатра, оперы і кіно. Ён падняў у сваёй творчасці шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаўшы дух мінулых эпох. У сваіх творах яму ўдалося стварыць вядомыя характары і раскрыць багаты духоўны свет герояў. Пісьменнік узбагаціў беларускую літаратуру як у тэматычным, так і ў жанравым плане, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам.

Чаму кнігі Уладзіміра Сямёнавіча папулярныя і ў наш час? Аўтар быў верны свайму літаратурнаму крэда: «Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя». І сапраўды, Караткевічавым словам гаворыць з усім светам душа Беларусі.

З нагоды юбілея сваіх чытачоў мы запрасілі ў падарожжа па творчасці класіка.

 

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.