17 верасня — Дзень народнага адзінства
17 верасня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень народнага адзінства.
Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора, і назаўжды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны і заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці.
Сёння беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны. Усталяванне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці.
Беларусы даказалі, што здольныя стварыць сваю палітычную сістэму, трывалае дзяржаўнае права, захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. У сувязі з гэтым Дзень народнага адзінства служыць не толькі напамінам аб гістарычным мінулым, але і з’яўляецца своеасаблівым пасылам у будучыню.

