Адкрываем кнігу — пазнаём Радзіму! 



Сёння да нас у бібліятэку завіталі выхаванцы сацыяльнага прыюта ДУА «Навагрудскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр». Дзеці пазнаёміліся з бібліятэкай, з актуальнымі кніжнымі выставамі і формамі работы, а таксама прынялі ўдзел у краязнаўчым уроку «Адкрываем кнігу — пазнаем Радзіму».
Радзіма — гэта краіна, у якой мы жывём, у якой жывуць нашы бацькі, сябры, сваякі. Гэта месца, дзе нарадзіўся чалавек, дзе ён вырас, дзе пачаў рабіць свае першыя крокі. Гэта прырода, прадпрыемствы і заводы, дасягненні ў розных галінах, гісторыя мінулых часоў і сучаснасць, гэта нашы сімвалы.
Якраз на сімвалах мы сёння і завастрылі ўвагу. Абапіраючыся на кнігу «Сімвалы Беларусі» мы з хлопчыкамі і дзяўчынкамі разгледзелі кожны з прыведзеных прыкладаў. Нашым юным сябрам было нечакана даведацца, што вылучаюць Беларусь не толькі зубры, буслы і бульба…
У нас вельмі шмат родных сімвалаў, блізкіх кожнаму беларусу. Гэта і нашы святы і абрады, і нашы традыцыйныя рамёствы, і валошкі, і дранікі, і трактары, і нашы пісьменнікі і паэты, і наша Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета, і Брэсцкая крэпасць, і мэсенджэр Vider, і наш Навагрудак таксама знайшлі ў кнізе! І кожны з удзельнікаў расказаў пра нешта сваё, дарагое, што з’яўляецца для яго сімвалам роднага краю.
Каб краіна жыла, квітнела і развівалася, чалавек павінен стаць яе часткай, любіць Радзіму, імкнуцца зрабіць штосьці на яе карысць. А якім жа чынам мы можам дапамагчы падрастаючаму пакаленню адчуць гонар за краіну, свой народ, выхаваць пачуццё любові да роднага краю? Перш-наперш, трэба пачаць са знаёмства з малой радзімай. Вось і нашы госці сёння пазнаёміліся з выставай, прысвечанай юбілею Навагрудка. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што вельмі хутка мы адзначым 980-годдзе нашага горада, пазнаёміліся з мерапрыемствамі, якія чакаюць гараджан і гасцей горада ў святочныя дні.
Дзецям спадабалася ў бібліятэцы! Яны сёння атрымалі тут вельмі шмат новых ведаў. А колькі яшчэ наперадзе!
Прыходзьце да нас часцей, нашы юныя сябры! Мы заўсёды вам рады!