Чытай! Здзіўляйся! Беларуссю натхняйся!
З мэтай папулярызацыі бібліятэкі і сацыяльна-значнай літаратуры пра нашу Радзіму, мы сустрэліся з навучэнцамі Навагрудскага дзяржаўнага каледжа. Сустрэча і выбар тэмы былі прымеркаваны да надыходзячага Міжнароднага дня турызму, які адзначаецца 27 верасня.
Пачалі мы размову з таго, што кожны чалавек унікальны і валодае толькі яму ўласцівымі якасцямі. Але хоць усе мы розныя, шмат што нас аб’ядноўвае. І ў першую чаргу тое, што ўсе мы — жыхары Беларусі. Пагэтаму наша сустрэча прайшла пад лейтматывам: «Чытай! Здзіўляйся! Беларуссю натхняйся!»
Рэспубліка Беларусь на карце займае не так ужо шмат месца. Але па багацці прыроды і па прыгажосці пейзажаў яна можа паспрачацца з многімі дзяржавамі. Светлыя бярозавыя гаі і прахалодныя сасновыя лясы, разлівы рэк, падобныя марам, і бязмежныя палі, таямнічыя лясныя азёры і яры – чаго толькі няма ў нашым краі! Акрамя таго, асаблівы шарм Беларусі надае вытанчанасць і шматграннасць яе культурнага багацця. Сваім новым сябрам мы прапанавалі кнігі, якія як нельга лепш раскрываюць прыгажосць нашай краіны і культурную спадчыну беларусаў.
Затым мы запрасілі юнакоў і дзяўчат прыняць удзел у падарожжы-віктарыне «Беларусь у маім 💗». Дарэчы, усе ўдзельнікі аказаліся вельмі кемлівымі і без памылак справіліся з пытаннямі віктарыны. А потым усіх чакала гульня «Які я сімвал Беларусі?». Гульня ўсім вельмі спадабалася!
Напрыканцы нашай сустрэчы мы пажадалі ўсім удзельнікам поспехаў, добрага настрою і прагі да новых ведаў. І, вядома ж, дамовіліся пра новыя цікавыя сустрэчы 📚👍🏻👍🏻👍🏻