Дзень славянскай пісьменнасці і культуры

Сёння, 24 мая, усе славянскія народы, якія карыстаюцца кірылічным алфавітам, адзначаюць Дзень славянскага пісьменства. У Беларусі ён святкуецца з 1986 года і называецца Дзень славянскага пісьменства і культуры.

Дата 24 мая выбрана не выпадкова —  гэты дзень Праваслаўная Царква шануе памяць роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, асветнікаў і прапаведнікаў хрысціянства. Святыя Кірыл і Мяфодзій склалі славянскую азбуку, перавялі з грэчаскай на славянскую мову некалькі богаслужбовых кніг, у тым ліку выбраныя чытанні з Евангелля, апостальскія пасланні і Псалтыр, што спрыяла ўвядзенню і распаўсюджванню Славянскага богаслужэння.

Дзейнасць святых братоў атрымала шырокі рэзананс на славянскай тэрыторыі . Іх вучні завяршылі пачаты Кірылам і Мяфодзіем пераклад Святога Пісання і многіх богаслужэбных кніг з грэчаскага на стараславянскую мову. Вучнямі Кірыла і Мяфодзія напісаны жыціі святых братоў, якія былі вельмі папулярнымі і ва ўсходніх славян. Кірыл і Мяфодзій узведзены ў ранг святых каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі.

Для напісання старажытных славянскіх рукапісных кніг выкарыстоўваліся абедзве славянскія азбукі — кірыліца і глаголіца. Аднак паступова вядучыя пазіцыі заняла кірылічная рукапісная кніга.

Беларускае кнігадрукаванне з’явілася ў першай чвэрці XVI стагоддзя і звязана з дзейнасцю Францыска Скарыны. Дзесьці паміж 1512 і 1517 гадамі Скарына прыехаў у Прагу, дзе замовіў друкаванае абсталяванне і пачаў перакладаць кнігі Бібліі, пісаць да іх каментары. Першая яго кніга — «Псалтыр» — выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года. За няпоўныя тры гады Францыск Скарына пераклаў, пракаментаваў і падрыхтаваў да друку больш за 20 кніг Бібліі, кожная з якіх пачыналася прадмовай і заканчвалася пасляслоўем.

Штогод у Мінску праводзяцца міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні. Сёлета яны прайшлі напярэдадні Дня славянскага пісьменства і культуры (16-17 мая). 17 мая 2024 года ў мінскім прыходзе храма іконы Божай Маці «Усіх засмучаных Радасць» у рамках ХХХ Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў адбылася ХХ навукова-практычная канферэнцыя «Духоўнае адраджэнне грамадства і Праваслаўная кніга», да якой было прымеркавана святочнае мерапрыемства, прысвечанае 20-годдзю Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці пры Сінадальным аддзеле рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы. У мерапрыемстве прыняла удзел загадчыца нашай бібліятэкі Касцюк Л.Л., член Каардынацыйнага савета.

 

 

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.