Культурныя брэнды Навагрудчыны

У Беларусі ёсць куткі неверагоднай прыгажосці, якія валодаюць асаблівай прыцягальнай сілай. Навагрудчына – наша родная зямля — адзін з іх. Яна спрадвеку славіцца сваёй гісторыяй, культурнымі здабыткамі, прамысловасцю, спартыўнымі дасягненнямі і, вядома ж, галоўным сваім скарбам — працавітымі і таленавітымі людзьмі. Сёння ў краязнаўчай студыі, прымеркаванай да Года якасці і 980-годдзя Навагрудка сустрэліся дзевяцікласнікі СШ№4, бібліятэкары і супрацоўнікі Дома-музея Адама Міцкевіча.

З дапамогай кніг, якія прадстаўлены на выставах у бібліятэцы, удзельнікам сустрэчы была дана магчымасць яшчэ раз упэўніцца, якая прыгожая і багатая наша беларуская зямля, колькі ў ёй культурнага і духоўнага багацця. Пераканаў у гэтым і  іміджавы відэаролік «Беларусь. Звыш за чаканне», які ў свой час заняў першае месца ў міжнародным конкурсе турыстычных праектаў у Шанхаі.

Навуковы супрацоўнік Дома-музея А.Міцкевіча Ганна Гендзік цікава і змястоўна расказала пра КУЛЬТУРНЫЯ БРЭНДЫ нашай Навагрудчыны. А ганарыцца нам, і сапраўды, ёсць чым. Гэта і наш знакаміты замак, і старажытныя касцёлы і цэрквы, і выцінанка-выбіванка, і азёры Свіцязь і Літоўка, і Дом-музей А.Міцкевіча, і яшчэ шэраг знакамітых месцаў і аб’ектаў.

У гэтым годзе Навагрудак адзначае свой 980-гадовы юбілей. Падчас сустрэчы мы прэзентавалі нашым гасцям новую кнігу (альбом) «Навагрудскі край», які быў выдадзены з нагоды свята, пазнаёмілі і з новым гімнам горада, які таксама змешчаны ў гэтым выданні.

Напрыканцы нашай сустрэчы кожны з удзельнікаў назваў свой «Брэнд Навагрудчыны». Разам мы прыйшлі да высновы, што маючы ўсе гэтыя каштоўнасці, можна адчуваць сябе ў значнай ступені абароненым, больш упэўненым, угрунтаваным i стабільным. Усё гэта надае моц і сілу, прывівае адчуванне незалежнасці, годнасці, самапавагі, самадастатковасці. І ў наш імклівы, вірлівы, прагматычны час так важна захаваць любоў і прыхільнасць да сваёй Бацькаўшчыны, роднай зямлі, мовы, традыцый, ушанаваць памяць пра сваіх продкаў, берагчы сваю спадчыну і ганарыцца сваёй Радзімай.

 

 

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.