Міхаіл Белуш: бессмяротны подзвіг земляка
У Вялікую Айчынную вайну подзвіг Аляксандра Матросава паўтарылі больш за 400 чырвонаармейцаў і партызан. Самым юным сярод іх быў Міхаіл Белуш, партызан атрада «Кастрычнік», які ступіў у неўміручасць у 16 гадоў. 80 гадоў назад, 16 чэрвеня 1944 года, цаной свайго жыцця ён прымусіў замаўчаць варожы кулямёт у баі каля вёскі Купіск на Навагрудчыне.
Нарадзіўся Міхаіл Белуш у 1924 годзе ў вёсцы Руда Ліпічанская Мастоўскага раёна ў беднай сялянскай сям’і. Рос дапытлівым, знаходлівым, адважным, працавітым хлопчыкам. Прыйшоў час вучыцца, бацька з цяжкасцю сабраў Мішу ў школу. Вучыўся хлопчык ахвотна, адрозніваўся добрай памяццю. Але да вайны Мішу ўдалося скончыць толькі чатыры класы пачатковай школы…
Аднойчы пад вечар у вёску ўварваліся гітлераўцы, выганяючы людзей з дамоў. Мішу з братам удалося схавацца, а маці разам з іншымі жыхарамі вёскі сагналі на катаргу ў Германію. Вёска была спалена. Хлопчыкаў прытулілі ў вёсцы Зачэпічы. Там і сустрэўся Міхаіл з партызанамі.
Праўда, здарылася замінка: Мішу з прычыны ўзросту не хацелі залічаць у атрад. Але потым падумалі: «Куды дзявацца падлетку?»- пакінулі і не пашкадавалі. Хлопец апынуўся на рэдкасць выканаўчым, знаходлівым і смелым. Удзельнічаў у шматлікіх баявых аперацыях, пускаў пад адхон варожыя эшалоны на ўчастку Баранавічы – Ліда. У гарачых сутычках з гітлераўцамі пасталеў і загартаваўся юны партызан. Без яго не праходзіла ніводная баявая аперацыя. Мішу прынялі ў члены ВЛКСМ.
16 чэрвеня 1944 года партызаны атрада «Кастрычнік » уступілі ў бой з гітлераўцамі ў вёсцы Купіск Навагрудскага раёна.
Варожы гарнізон быў добра ўмацаваны і з’яўляўся перашкодай для партызан, якія сыходзілі на заданні з Налібоцкай пушчы. Было прынята рашэнне яго разграміць. Партызаны пераадолелі люты супраціў фашыстаў і прыпыніліся на ўскрайку вёскі. І раптам з замаскіраванага дзота ўдарыў кулямёт. Кулямёт прымусіў партызан залегчы.
Партызаны ўбачылі, як Міхаіл Белуш раптам падхапіўся і пабег у бок і, апынуўшыся па-за зонай варожага абстрэлу, крута павярнуў да бункера. Бачылі, як ён ускочыў на верх бункера, падпоўз да краю, адкуль біў кулямёт, і кінуў гранату. Кулямёт на імгненне змоўк. Партызаны кінуліся ў атаку, але кулямёт зноў застрачыў. Міхаіл зразумеў, што граната не дасягнула мэты і выбух не знішчыў кулямётчыка. Многія партызаны заўважылі, як хлапчук скаціўся з бункера і закрыў сваім целам амбразуру дзота…
Пахавалі юнага партызана разам з баявымі таварышамі ў брацкай магіле недалёка ад вёскі Купіск. На месцы яго гібелі ў вёсцы Купіск, а таксама на радзіме героя ў вёсцы Руда Ліпічанская ўстаноўлены мемарыялы.
Міхаіл Андрэевіч Белуш быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны першай ступені. За мужнасць і самаадданасць, праяўленыя ў баі, юны герой пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалём «Партызану Вялікай Айчыннай вайны I ступені».
Сёлета мы адзначаем 80-годдзе з часу вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мы памятаем і шануем подзвіг загінуўшых і жывых, вядомых і безыменных беларусаў — салдат Вялікай Айчыннай, партызан і падпольшчыкаў і ўносім свой уклад у захаванне гістарычнай памяці народа, пераемнасць пакаленняў, перадаючы гэтую памяць нашым дзецям.
У дзень 80-годдзя з часу разгрому варожага гарнізону у в.Купіск даніну памяці герою-партызану Міхаілу Белушу прыйшлі аддаць бібліятэкар Малейковіч Вера Мікалаеўна са сваімі дзецьмі — Глебам і Матвеем.
Увесну па ініцыятыве бібліятэкара дзеці таксама ўсклалі кветкі на магілу героя.