Памяць без тэрміну даўнасці
22 чэрвеня 1941 года. Страшная дата. Дзень, калі для мільёнаў жыхароў краіны рухнулі ўсе планы на будучыню… Усё жыццё перавярнулася. Усё панікла перад страшным словам ВАЙНА.
Уварванне ўзброеных сіл гітлераўскай Германіі ў Савецкі Саюз пачалося на досвітку 22 чэрвеня 1941 года. Для войскаў прыгранічных акруг, для ўсяго савецкага народа яно аказалася раптоўным. Уся велізарная краіна ў адзіным парыве паднялася на барацьбу з ворагам.
Наперадзе 1418 дзён і начэй пакут, смярцей і болю.
22 чэрвеня — адна з самых сумных дат у гісторыі нашай краіны — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Гэты дзень нагадвае нам пра ўсіх загінуўшых у баях, закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых у тыле ад голаду і пазбаўленняў. Мы смуткуем па ўсіх, хто цаной свайго жыцця выканаў святы абавязак, абараняючы ў тыя суровыя гады нашу Айчыну.
22 чэрвеня ў 12:00 Беларусь замерла ў хвіліне маўчання, каб у цішыні і смутку ўспомніць тых, хто пацярпеў ад рук нацысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Праходзяць зімы і вёсны, змяняюцца пакаленні, звіняць над Беларуссю новыя навальніцы, а яны, якія не прыйшлі з крывавых палёў той вялікай і страшнай вайны, застаюцца бессмяротнымі. Яны вечна жывыя — пакуль не знікла наша светлая памяць пра іх.
У нашай бібліятэцы дзейнічае выстава-экспазіцыя «Памяць без тэрміну даўнасці», прысвечаная Дню усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.