Памяці спаленых вёсак…

Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня Хатынскай трагедыі. Гэта адбылося 22 сакавіка 1943 года. Азвярэлыя фашысты ўварваліся ў вёску Хатынь і абкружылі яе. Жыхары вёскі нічога не ведалі аб тым, што раніцай за 6 км ад Хатыні партызаны абстралялі аўтакалону гітлераўцаў і ў выніку нападзення быў забіты нямецкі афіцэр. Але ні ў чым не павінным людзям фашысты ўжо вынеслі смяротны прысуд. Усё насельніцтва Хатыні ад малога да вялікага – старых, жанчын, дзяцей — выгналі з хат і сагналі ў калгаснае гумно. Прыкладамі аўтаматаў падымалі хворых, старых, не шкадавалі жанчын з маленькімі дзецьмі і немаўлятамі.

Калі ўсе жыхары вёскі былі ў гумне, фашысты запёрлі дзверы, аблажылі будыніну саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Драўлянае гумно імгненна загарэлася. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя спрабавалі ратаваць іх. Пад націскам дзесяткаў чалавечых цел не вытрымалі і ўпалі дзверы. У ахопленым агнём адзенні, апанаваныя жахам, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. Загінулі 149 чалавек, з іх 75 дзяцей . Вёска была разрабавана і спалена.

Сёння ў нашай бібліятэцы прайшоў урок-рэквіем «Памяці спаленых вёсак…». Нашы юныя чытачы вельмі пранікнёна слухалі гісторыю пра хатынскую трагедыю, разглядалі кнігі, выказвалі свае думкі і пачуцці.

Сёння мы адчынілі дзецям адну з самых страшных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Усе, хто жыве сёння, павінны памятаць якой цаной заваявана шчасце і быць удзячнымі тым, хто падарыў нам мір. Спадзяёмся і верым, што ніколі на нашай роднай зямлі не паўтарыцца хатынская трагедыя!

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.