Праз кнігу ўбачыць краіну: БЕЛАРУСЬ

Калі прадставіць міжнародную карту свету, то ўбачым, што Беларусь знаходзіцца ў еўрапейскай яе частцы. Гэта значыць, што беларусы разам з іншымі краінамі Еўропы адзначаюць Дні еўрапейскай спадчыны.
Дні еўрапейскай спадчыны — гэта акцыя, якая праходзіць штогод з 1991 г. Яе мэта – папулярызацыя культурнай спадчыны народаў Еўропы і павышэнне ўзроўню інфармаванасці грамадства аб багацці і разнастайнасці культур еўрапейскага кантынента.

Еўрапейская культурная спадчына аб’ядноўвае народы, якія жывуць на еўрапейскім кантыненце, якія жадаюць захаваць сваю самабытнасць. Культурная спадчына гэта частка матэрыяльнай і духоўнай культуры, створаная мінулымі пакаленнямі, якая вытрымала выпрабаванне часам і перадаецца наступным пакаленням як нешта каштоўнае і ўшанаванае. Гэта мова, ідэалы, традыцыі, абрады, звычаі, святы, памятныя даты, фальклор, народныя промыслы і рамёствы; творы мастацтва, музейныя, архіўныя і бібліятэчныя фонды, калекцыі, рукапісы, пісьмы, асабістыя архівы; помнікі архітэктуры, навукі і мастацтва, памятныя знакі, збудаванні, ансамблі, славутыя месцы і іншыя сведчанні гістарычнага мінулага.

Сёння для сваіх юных чытачоў мы прадставілі асарці цікавых фактаў. Дзеці даведаліся, што Рэспубліка Беларусь мае багатую культурную і духоўную спадчыну, якая фарміравалася на працягу стагоддзяў і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Яшчэ яны пачулі, што нягледзячы на разбуральныя вайны, стыхійныя бедствы, наша грамадства з года ў год памнажае дасягненні продкаў, развівае навуку, літаратуру, мастацтва, павышае свой культурна-адукацыйны і прафесійны ўзровень. Уся гэта сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, і ёсць нацыянальнае багацце краіны. 

У кастрычніку 1988 г. Беларусь далучылася да Канвенцыі па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны, прынятай ЮНЕСКА ў 1972 г. і сёння ўжо 4 аб’екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Першым з іх у 1992 годзе стаў Нацыянальны парк «Белавежская пушча» (аб’ект прыроднай спадчыны) – унікальны запаведны лес Еўропы, які ахоўваецца яшчэ з XIV стагоддзя. У 2000 годзе ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўвайшоў пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя Замкавы комплекс «Мір». Архітэктура, якая спалучае готыку, барока і Рэнесанс, зрабіла яго адным з самых выдатных замкаў Еўропы. Яшчэ два аб’екты Беларусі папоўнілі спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў 2005 годзе. Гэта » Палацава-паркавы комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы « і пункты геадэзічнай дугі Струвэ. 

Даведаліся нашы краязнаўцы і пра  сусветную нематэрыяльную культурную спадчыну ЮНЕСКА ў Беларусі: Беларускі абрад «Калядныя цары», Вясновы абрад «Юр’еўскі карагод», Урачыстасць у гонар ушанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) і Культуру бортніцтва Беларусі і Польшчы. Свае веды замацавалі ў гульні «Падбяры назву».

А яшчэ мы прапанавалі нашым юным сябрам ўявіць сябе замежным госцем, які прыехаў у Беларусь і адразу трапіў у … бібліятэку. Пра што ён можа даведацца там, што пабачыць? А амаль што ўсё! Таму што праз кнігу таксама можна ўбачыць краіну Беларусь. У кнігах даступна і цікава, падрабязна і дакладна, ілюстравана і мілагучна напісана пра нашу Радзіму. А цікавых і пазнавальных кніг у бібліятэцы, так жа, як і славутых і  прыгожых мясцін у Беларусі — вялікае мноства! Таму сардэчна запрашаем да нас, сябры!

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.