Слова нас аб’ядноўвае

У першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства.

Свята паказвае адзінства беларускай мовы з гісторыяй і культурай Беларусі. Яно адлюстроўвае гістарычны шлях пісьменства і друку ў Беларусі. Па традыцыі ў гэты дзень узнагароджваюць пераможцаў конкурсу за лепшыя літаратурныя творы, праходзяць навуковыя канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы. У гэты дзень можна пазнаёміцца з новымі выданнямі, дакрануцца да кніжных скарбаў краіны. Таму мы запрашаем вас пазнаёміцца з выставай, якая дзейнічае ў нашай бібліятэцы.

На выставе вы зможаце пазнаёміцца з лепшымі кніжнымі выданнямі, якія расказваюць пра гісторыю кнігадрукавання і кніжную культуру Беларусі, пачынаючы са з’яўлення першых рукапісных кніг да пачатку XXI стагоддзя.

Вашай увазе  — выданні, у якіх у адаптаваным выглядзе сабраны шэдэўры старажытнай беларускай пісьменнасці эпохі Готыкі, Рэнесансу, Барока і Асветы.

Для вас — першае поўнае факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны, беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, выданні якога захоўваюцца ў розных краінах свету.

Выстава пазнаёміць з найбольш значнымі кніжнымі помнікамі Беларусі, якія сёння захоўваюцца ў фондах галоўнай бібліятэкі краіны — Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і, увогуле, з тэндэнцыямі развіцця кніжнай і бібліятэчнай справы ў Беларусі.

І, канешне, тут прадстаўлены выданні, у якіх сабраны біяграфічныя партрэты дзеячаў, якія ўнеслі найбольш адметны і значны ўклад у гісторыю беларускага пісьменства.

І яшчэ трохі фактаў пра само свята:

Першае свята прайшло ў 1994 годзе ў Полацку. Навагрудак прымаў удзельнікаў свята ў 1996 годзе.

Дзень беларускага пісьменства традыцыйна праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Сталіцамі маштабнай урачыстасці ўжо станавіліся Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў і Іванава.

У гэтым годзе эстафету правядзення Дня беларускага пісьменства прыняў Капыль. Капыльшчына-самабытны і маляўнічы край з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі. Гэта радзіма больш за 50 пісьменнікаў, сярод якіх Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Алесь Адамовіч, Сцяпан Аляксандравіч, а таксама 11 Герояў Савецкага Саюза, 12 Герояў Сацыялістычнай Працы, аднаго Героя Беларусі. Тут беражліва захоўваюць традыцыі продкаў, радасна і шчодра сустракаюць падарожнікаў.

Кожнае свята прысвечаны пэўнай тэме. Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе пад дэвізам «Слова нас аб’ядноўвае».

 

 

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.