Таямніцы народных традыцый

Сёння ў нас у гасцях пабывалі нашы сябры — першакласнікі з сярэдняй школы №5. Разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі мы адправіліся ў цікавую этна-вандроўку па традыцыях беларускага народа. Дзеці даведаліся, чаму дарагіх гасцей сустракаюць хлебам-соллю, чаму менавіта на ручніку і якія ручнікі бываюць. Пазнаёміліся з аўтэнтычнай выставай-экспазіцыяй беларускай хаткі, з прыладамі хатняга ўжытку, якімі карысталіся нашы продкі. Паспрабавалі нават адпрасаваць ільняны ручнік з дапамогай валка і качалкі! А яшчэ даведаліся, чым адвечна займаліся беларусы, якія адзначалі святы, чаму ў жыцці прыдавалі асаблівае значэнне.

Прыемным сюрпрызам для нашых гасцей была тэатральная пастанова, з якой дзеці даведаліся, што толькі сумленнай працай слаўны чалавек. А яшчэ мы пагутарылі пра духоўную, фальклорную, літаратурную і творчую спадчыну беларусаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі дружна адгадвалі загадкі, успаміналі казачных героеў.

Вялікую цікавасць у нашых юных чытачоў выклікала кніга «Чароўны свет. З беларускіх міфаў, паданняў і казак». Хлопчыкі і дзяўчынкі разглядалі міфічных істот і даведваліся, кім яны былі ва ўяўленнях нашых продкаў. А яшчэ даведаліся, што ад злых духаў і розных напасцяў, некалі рабілі абярэгі. Вось і мы сёння ўсе разам зрабілі абярэгі-падковы. Так сказаць — на шчасце 💖

У звычаях і культуры адлюстравана духоўнае багацце народа. Беражліва захоўваючы спадчыну мінуўшчыны, мы закладаем новыя традыцыі. У іх —  нашы дасягненні і лепшыя якасці: міласэрнасць і дружалюбнасць, сардэчная шчодрасць і гатоўнасць падзяліцца ўсім, што маем. Беражыце памяць пра мінулае, культуру, мову, традыцыі свайго народа. Бо ў гэтай памяці — наша сіла.

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.