Ён ведаў, як зрабіць вясёлку
16 мая 2026 года спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай дзіцячай літаратуры, паэта, публіцыста, перакладчыка і педагога, першага рэдактара дзіцячага часопіса «Вясёлка», летуценніка і сябра дзяцей Васіля Віткі.
Да гэтай юбілейнай даты супрацоўнікі бібліятэкі сямейнага чытання падрыхтавалі выставу-юбілей «Ён ведаў, як зрабіць вясёлку».
Нашы юныя чытачы адправіліся ў падарожжа па колерах вясёлкі з разнастайнымі казкамі і вершамі, пазнаёміля з багатай спадчынай Васіля Віткі.
Васіль Вітка найбольш вядомы як дзіцячы паэт. Яго вершы, казкі, загадкі, выходзячы з друку, адразу пераходзілі ў разрад хрэстаматыйных. Яны і зараз уключаюцца ў школьныя падручнікі. Вялікім творчым поспехам стала казка «Вавёрчына гара» (1948). Дзякуючы захапляльнасці, гумару, якія ўласцівыя гэтаму твору, казка стала адной з самых любімых у дзяцей. Шчаслівы лёс напаткаў і другую казку В. Віткі «Буслінае лета» (1958). У ёй ёсць і казачнае, і рэальнае, мова насычаная народнымі і створанымі самім аўтарам прыказкамі, крылатымі выразамі, афарызмамі.
Творчасць В. Віткі для дзяцей — свет чараўніцтва, прыгажосці, незвычайных прыгод, гармоніі гукаў і фарбаў.
Дзякуючы такім пісьменнікам, як Васіль Вітка, наша мова і культура становяцца багацейшымі, як вясёлка пасля дажджу.
Яго творы жывуць, вучаць нас любіць сваю Радзіму, быць сумленнымі, працавітымі і добразычлівымі.
Давайце берагчы роднае слова і рабіць вясёлку ў сваіх сэрцах кожны дзень!



