Жывуць традыцыі — квітнее зямля
Жыццё імкліва ляціць наперад. І, здабываючы кожны дзень нешта новае для сябе, мы непрыкметна губляем тое святое, спрадвечнае, што нашы продкі называлі непарыўнай повяззю часоў, — нашу спадчыну. А яна выяўляецца як у людзях, так і ў прадметах штодзённага побыту мінулых стагоддзяў.
На працягу ўсяго 2021 года ў краіне праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года народнага адзінства. З мэтай вывучэння гісторыі, культуры свайго краю, выхавання павагі і любові да бацькоўскай зямлі, яе вытокаў і традыцый нашых продкаў 17 лістапада ў чытальнай зале навагрудскай бібліятэкі сямейнага чытання працаваў куток народных традыцый «Жывуць традыцыі — квітнее зямля».
У гэты дзень для ўсіх жадаючых было праведзена этна-падарожжа і кніжны агляд каля кніжна-ілюстратыўнай экспазіцыі. На ёй прадстаўлены кнігі і рэчы хатняга побыту, з дапамогай якіх можна бліжэй пазнаёміцца з традыцыямі беларускага народа.
Менавіта на самой выставе прадстаўлена літаратура па народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці (выцінанкі, слуцкія паясы, ручнікі, разьба па дрэву, саломапляценне); кнігі аб гісторыі стварэння беларускага народнага касцюма; літаратура пра беларускі фальклор: песні, легенды, паданні, казкі і інш. На інсталяцыі прадстаўлены рэчы, якімі карысталіся нашы продкі: посуд, прылады працы, ручнікі.
Гісторыя беларускага народа і яго побыт цесна пераплятаюцца з традыцыямі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Беражліва захоўваючы спадчыну мінуўшчыны, суверэнная Беларусь закладае новыя традыцыі. У іх нашы дасягненні і лепшыя якасці: міласэрнасць і дружалюбнасць, сардэчная шчодрасць і гатоўнасць падзяліцца ўсім, што маем.
Захаванне народных традыцый набывае асабліва важнае значэнне ў Год народнага адзінства.