Мова родная — мова модная
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА ў 1999 годзе. Гэты дзень нагадвае нам, што трэба берагчы сваю культуру, паважаць іншыя народы і імкнуцца да паразумення.
Для нас, беларусаў, гэтая дата мае асаблівы сэнс. Беларуская мова лічыцца адной з самых мілагучных моў свету, багатая на сакавітыя выразы і глыбокія сэнсы. У ёй жыве наша гісторыя, мудрасць продкаў і код нацыянальнай ідэнтычнасці.
Але мова жыве толькі тады, калі гучыць. Сёння мала проста ганарыцца сваёй спадчынай – важна ёю карыстацца. Гаварыць па-беларуску, чытаць кнігі, пісаць паведамленні сябрам. Давайце зробім так, каб родная мова гучала не толькі раз на год, а была натуральнай часткай нашага штодзённага жыцця.
Сёння ўвесь дзень ў нашай бібліятэцы гучыць родная — беларуская мова. Чытачы чыталі вершы і ўрыўкі з твораў беларускіх аўтараў, з задавальненнем паўдзельнічалі ў акцыі «Кожная пятніца – роднае, сваё!». Нашы малодшыя сябры заахвоціліся гульнёй-перакладанкай «Смак роднай мовы».
Кожны, хто прыйшоў сёння ў бібліятэку атрымаў у падарунак кніжную закладку.
Любіце, шануйце мову і размаўляйце па-беларуску!











