У кожным сэрцы — вогнішча Хатыні
У Беларусі сёння аддаюць даніну памяці жыхарам вёскі Хатынь, якая была спалена фашыстамі 22 сакавіка 1943 года. У гэты дзень, 82 гады таму, нацысцкія карнікі разрабавалі і спалілі дашчэнту беларускую вёску Хатынь разам з усімі яе жыхарамі — у асноўным жанчынамі, старымі, дзецьмі. У агні загінула 149 чалавек, 75 з іх — дзеці.
Трагедыя Хатыні — адна з самых крывавых старонак гітлераўскага генацыду часоў Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне. За перыяд акупацыі 1941-1944 гадоў больш за 600 беларускіх вёсак, як і Хатынь, былі спалены разам з іх насельніцтвам, 216 вёсак ніколі больш не адрадзіліся з попелу.
Трагедыю сотняў спаленых беларускіх вёсак, гібель тысяч мірных людзей немагчыма і нельга забыць. Таму сёння мы разам са сваімі чытачамі аддаём даніну памяці ахвярам жудаснай трагедыі. Дзякуючы мастацкім і дакументальным крыніцам мы можам прачытаць і пачуць ўспаміны жывых сведак, людзей, цудам ацалелых ад агню і фашысцкіх куль і зразумець маштаб зверстваў фашыстаў.
Трагедыя Хатыні — не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. Сёння Хатынь ведаюць ва ўсім свеце, а само слова «Хатынь» палыхае вогнішчам у сэрцах мільёнаў людзей.
Мы будзем вечна помніць Хатынь як бездань бязмернага людскога смутку, сімвал выпрабаванняў беларускага народа, сапраўдную народную памяць.