Шчаслівага Свята Божага нараджэння!

Дзень Божага нараджэння ва ўсе часы лічыўся чароўнай падзеяй, і сёння ва ўсім свеце яго ведаюць як дзень, вечар якога трэба сустракаць у кампаніі самых дарагіх і блізкіх людзей! І нават калі зараз гэта не зусім магчыма, калі ласка, проста патэлефануйце сваім блізкім, каб сказаць ім цёплыя словы, сагрэць душу хараством і веліччу надыходзячага Свята.

 

Добра сесці разом, слязу радасці ўцерці,
адчуваць, што ў застоллі, што побач браты,
у душы чысціня і узнёслыя сэрцы,
бо з людзьмі разам Бог ў гэты Вечар Святы.

Сёння сэрцам з усімі куццю раздзяляем,
хто за стол наш не змог на вячэру прыйсці,
ўсіх далёкіх і родных сваіх ўспамінаем
і дабра ўсім і шчасця жадаем ў жыцці.

Няхай будзе вам цёпла, бы ў бацькавай хаце,
ў гэтым свеце шырокім, дзе столькі дарог.
Няхай людзі зямлі для вас будуць, як брацця,
і жыццёвыя сцежкі прастуе вам Бог.

Можа, хто занямог, можа, хто пахіснуўся,
загубіўшы сумленне ў нялёгкім жыцці,
прытаміўся ў шуканні свае Беларусі —
памажэце й такім на вячэру прыйсці.

За святочным сталом — няхай кожнаму месца
каля вернага сэрца сясцёр і братоў.
Няхай будзе у вас, як ў харошай сямейцы,
ўсім па роўні ў жыцці і куцця, і любоў.

Няхай вера ў любоў, свая мова ў застоллі,
а у думках — зямля, дзе спачылі дзяды,
няхай ўсюды ласкава спрыяе вам доля,
а любоў, чалавечнасць мацуе рады!

 

Поделиться ссылкой:

Администратор

Share

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.