Беларускае пісьменства – крыніца культуры і духоўнасці
У першую нядзелю верасня штогод у Беларусі адзначаюць Дзень беларускага пісьменства. Сталіцай гэтага свята вызначаецца горад, які пакінуў важны след у гісторыі беларускай зямлі як цэнтр кнігадрукавання і літаратуры, асветы і культуры, з якім непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць выдатных людзей Беларусі розных часоў.
Пачатак гэтай традыцыі пакладзены ў 1994 годзе ў горадзе Полацку. Юбілейны XXX Дзень беларускага пісьменства 2-3 верасня 2023 года прымае горад Гарадок Віцебскай вобласці. Свята адзінства друкаванага слова, літаратуры і гісторыі народа праходзіць у краі, які таксама славіцца сваімі багатымі традыцыямі і творчай спадчынай. Гарадоцкая зямля – радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара аднаго з самых папулярных твораў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя – паэмы «Тарас на Парнасе», якая доўгі час лічылася ананімнай.
У рамках свята ўдзельнікі і госці могуць пазнаёміцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустрэцца з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, паслухаць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў. Таксама па традыцыі на Дні беларускага пісьменства праходзіць узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя і шэраг іншых мерапрыемстваў.
Нашы чытачы могуць таксама бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй станаўлення і развіцця беларускага пісьменства, кнігадрукавання. На выставе-экспазіцыі “Промні асветніцтва” бібліятэкі сямейнага чытання прадстаўлены выданні, прысвечаныя вядомым асветнікам роднай краіны.
Кнігі апавядаюць пра жыццё і творчы шлях вялікіх дзеячаў беларускай культуры і асветы, мысляроў-гуманістаў, сярод якіх Еўфрасіння Полацкая, Кірыл Тураўскі, Мікола Гусоўскі, сымон Будны. Асобнае месца ў экспазіцыі займаюць кнігі пра беларускага першадрукара, пісьменніка і вучонага Францыска Скарыну.