Цікавае — побач

16 верасня супрацоўнікі  бібліятэк Навагрудчыны пабывалі ў аграгарадку Райца Карэліцкага раёна. Гэта была рабочая паездка з мэтай удасканалення вопыту ў справе краязнаўчага і рэлігійнага турызму.

На Гродзеншчыне, як ні ў адной іншай вобласці краіны, захавалася шмат старадаўніх сядзібаў. Адзін з такіх гісторыка-культурных аб’ектаў знаходзіцца ў вёсцы Райца Карэліцкага раёна. Сядзібнаму дому Раецкіх у аграгарадку Райца пераваліла за 200 гадоў. Адным з яго ўладальнікаў быў брат каханай паэта Адама Міцкевіча Марылі Верашчакі, Юзэф. Затым дом перайшоў графу Путткамеру, унуку Марылі. У 1910 г. маёнтак у пасаг атрымала яго дачка Яніна, якая выйшла замуж за прафесара Кракаўскага ўніверсітэта Адама Жалтоўскага. Ужо амаль дзесяць гадоў захаваннем і аднаўленнем сядзібы займаюцца добра вядомыя ў краіне і за мяжой мастакі Вера і Аляксандр Салдатавы.

Нас ветліва сустракала гаспадыня сядзібы — Вера Яўгенаўна — вядомы майстар саломапляцення з сусветным імем. Яе працы ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Частка кампазіцый з саломкі можна ўбачыць не толькі ў гарадах Беларусі, але і ў Маскве і Лондане. Муж Веры Яўгенаўны- Аляксандр Васільевіч — іканапісец. Ён робіць абразы на заказ у сваёй маленькай майстэрні. Працуе з вадкім золатам, якое закупляе ў манастырах, а жонка часам робіць для яго рамкі абразоў з саломкі. Адна з самых значных сумесных работ гэтых двух майстроў — знакаміты іканастас у Дудутках.Спачатку Вера Яўгенаўна правяла невялікую экскурсію па парку: » Вось у нас захаваўся адзіны ў Беларусі французскі васьмітычынкавы каштан. Яго спрабуюць размножыць, але больш нідзе ён не прыжываецца. Вось чорная бяроза, а тут — знакамітая альтанка з сямі клёнаў.

Сам дом вытрыманы ў класічным стылі. Яму больш за два стагоддзі.  Цяперашнія гаспадары імкнуцца не парушыць архітэктуру і захаваць тыя нешматлікія рэчы, якія дажылі да цяперашняга часу. У адным з пакояў захаваўся старадаўні паркет з лістоўніцы і дуба таўшчынёй 40 міліметраў. Там у будучыні размесцяць яшчэ адну музейную экспазіцыю, прысвечаную іканапісу і жывапісу.

Сэрца дома-выставачная зала, дзе сабраны прадметы побыту XIX стагоддзя, вырабы з саломкі, габелены, жывапіс. Сама майстрыха можа гадзінамі расказваць пра справу свайго жыцця: «Вось сапраўды такі ж зубр з’ехаў калісьці ў Венесуэлу ў падарунак, — паказвае яна на цэнтральную экспазіцыю залы. — Калісьці толькі на яго распрацоўку сышло паўгода. Тады я яшчэ працавала ў універсітэце культуры і мастацтваў. Вось гэта мой першы конік з саломкі. Ён кульгавы, таму нікуды не сышла. У музеі імя Пушкіна ў Маскве ёсць шмат маіх работ. Вельмі шмат прадметаў побыту, якія я доўга збірала па хутарах. Да прыкладу, вось гэты ручной працы туфлік 1927 года. Ёсць унікальная калекцыя разьбяра па дрэве Міхаіла Чубрыка, якую падарылі музею яго спадчыннікі з Польшчы.»


Вядома, мы не маглі не сфоткацца сярод гэтага рукатворнага хараства:)
Наступным прыпынкам нашага падарожжа стала царква святой Варвары. Яна стаіць на высокім пагорку над дарогай, падобна стражніку, які ахоўвае падарожнікаў.

Храм быў пабудаваны ў 1817 годзе Раецкімі на вяршыні пагорка, як Касцёл і фамільная пахавальня. Раней на вежы знаходзіўся механічны гадзіннік і аж пяць званоў, якія зніклі падчас Першай сусветнай вайны. На даху, там дзе сёння стаіць сціпленькі праваслаўны крыж, стаяла каменная статуя Дзевы Марыі, а на думку іншых — Святой Варвары.

Сёння ўнікальная двухсотгадовая архітэктурная жамчужына Карэліччыны перажывае другое нараджэнне. Літаральна па крупінках айцец Аляксей Шышкір збірае факты аб славутым мінулым гэтага месца: яму нават удалося стварыць невялікую экспазіцыю, прысвечаную гісторыі храма і яго прыхода. Гэта дакументы, кнігі, фотаздымкі. А падчас добраўпарадкавання тэрыторыі, пры ўладкаванні клумбаў, былі знойдзены старадаўнія кованыя дзверы ад званіцы, якія таксама сталі экспанатам музея.  «Нядаўна мне ўдалося знайсці тлумачэнне незвычайнаму архітэктурнаму рашэнню старадаўняй вясковай царквы. — расказвае нам айцец Аляксей.- Ад прыхаджан я неаднаразова чуў, што яе чарцяжы прывёз з вострава Святой Алены мясцовы каменшчык Ян Зайка. Туды ён быў пасланы пасля таго, як сын мясцовага памешчыка Францішка Раецкага вярнуўся з падарожжаў па заморскіх краінах і распавёў аб незвычайна прыгожай тамтэйшай архітэктуры.» Аляксей Шышкір вырашыў праверыць версію мясцовых старажылаў і, да свайго здзіўлення, знайшоў ёй пацверджанне. Вывучаючы фатаграфіі цэркваў вострава Святой Алены ў Інтэрнэце, ён убачыў адну, якая мае дзіўнае падабенства з храмам у аграгарадку Райца. Больш за тое, яму нават удалося адшукаць нашчадкаў легендарнага каменшчыка, якія, як аказалася, па гэтую пару жывуць у гэтых месцах.

У храме знаходзіцца часцінка мошчаў Святой Варвары, якую, дзякуючы шчырым малітвам, даставілі ў Райцу з Кіева.

Экскурсія наша была вельмі цікавай, змястоўнай і пазнавальнай. Усім нам патрэбна добра ведаць гісторыю Беларусі і свайго краю, наведаць усе яго куточкі. Бо цікавае — побач.

 

 

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.