Магдэбургскае права — Навагрудку: прывілеі і вольнасці горада
У 2021 годзе спаўняецца 510 гадоў з часу атрымання Навагрудкам Магдэбургскага права. Да гэтай падзеі ў бібліятэцы падрыхтавана кніжная выстава «Магдэбургскае права — Навагрудку: прывілеі і вольнасці горада».
26 ліпеня 1511 года на брэсцкім сейме Навагрудку было дадзена Магдэбургскае права — права на самакіраванне. Тады , у пачатку XVI стагоддзя, Наваградак лічыўся адным з асноўных гарадоў у Вялікім княстве Літоўскім, і з 1507 года стаў ваяводскім цэнтрам з добра развітымі рамёствамі.
Што ж давала магдэбургскае права гораду? Звернемся да дакумента. Як ён сведчыць, перш за ўсё ўводзілася пасада войта, і вызначалася яму пенсія—трэці пенязь «от всех пересудов» і «корчму одну волную с платом нынешному войту и по нем будучим…» Войту падпарадкоўваліся ўсе «мешчане по наших местцах мешкаючые».
Войт разам з бурмістрам і радцамі судзіў мяшчан, вырашаў справы адносна мер, наглядаў за тым, каб чужыя купцы, акрамя віленскіх, не прадавалі сваіх тавараў у разброд.
Непасрэднае кіраванне знаходзілася ў руках гарадской рады, якая складалася з шасці чалавек. 3 іх выбіраліся два бурмістры (праваслаўны і каталіцкі), якія ўзначальвалі раду. Рада ведала гарадской паліцыяй, разглядала грамадзянскія справы, загадвала гарадской маёмасцю, сачыла за маральнасцю грамадзян.
Гараджане вызваляліся ад вялікакняжацкай улады і падсуднасці. Ім гарантавалася эканамічная дзейнасць і ўласнасць.
Былі ў іх і пэўныя абавязкі. Плацілі падаткі. Кожны год давалі ў гарадскую казну 50 залатых, сярэбшчызну, плату з карчмы, з рамеснай дзейнасці, з лавак. Кожную суботу пастаўлялі ў замак мяса, пры неабходнасці давалі падводы, выстаўлялі ахову.
3 атрыманнем прывілея на магдэбургскае права не спынілася ўздзеянне на горад дзяржаўнай улады. Многія акты вялікага князя павялічвалі ролю Наваградка як эканамічнага цэнтра. Уладай яго мяшчане вызваляліся ад пэўных падаткаў, атрымлівалі дазвол на будаўніцтва прадпрыемстваў. 3 1597 года дазвалялася два разы ў год праводзіць кірмашы.
К канцу стагоддзя насельніцтва горада складалася з розных груп: мяшчан места, замка, панскіх і духоўных, духавенства, баяр. Асобна дакументы выдзяляюць яўрэяў. Яны не падлягалі магдэбургскаму праву, былі абкладзены асобным падаткам і жылі за горадам.
Такім выглядала эканамічнае жыццё Наваградка ў XVI стагоддзі згодна магдэбургскага права. Пазней вярхоўная ўлада пацвярджала яго некалькі разоў. 22 студзеня 1562 года прывілей быў пацверджаны без усялякіх змен. Прывілеем Сігізмунда III у 1595 годзе гораду быў нададзены герб: у чырвоным полі архангел Міхаіл, які трымае ў правай руцэ меч, а ў левай – вагі.
Канстытуцыя Варшаўскага сейма 1776 года яшчэ раз пацвердзіла Наваградку магдэбургскае права, бо горад «ва ўсіх адносінах задавальняў справу вырашэння публічных судоў… I гэта патрэбна было для яго вартасці».
Праіснавала самакіраванне горада да 1795 года — часу ўваходжання Наваградчыны ў склад Расійскай імперыі.
У верасні 2011 года быў ўсталяваны мемарыяльны памятны знак у гонар 500-годдзя атрымання Навагрудкам Магдэбургскага права, як памяць пра гісторыю і былую веліч старажытнага горада.
Матэрыял падрыхтаваны з кнігі М.П. Гайбы «Навагрудак: гістарычны нарыс»