Нечаканае падарожжа Мядзведзяняці Паддынгтона па Навагрудку
18 красавіка — Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін.
Дэвізам Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін (International Day for Monuments and Sites) з’яўляюцца словы: «Захаваем нашу гістарычную радзіму». Гэты дзень, таксама вядомы як Дзень Сусветнай спадчыны, усталяваны ў 1982 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых месцаў (ICOMOS), створанай пры ЮНЕСКА.
У гэты дзень праводзяцца розныя канферэнцыі па пытаннях захавання і абароны культурнай спадчыны, выступленні навукоўцаў, выставы фотаработ, а таксама шэраг іншых мерапрыемстваў. А ў нас сёння здарылася…
… нечаканае падарожжа Мядзведзяняці Паддынгтона па Навагрудку
Калі хто не ведае, то Паддынгтон — гэта адметны герой класічнай дзіцячай літаратуры, нароўні з ПэппіДоўгаяпанчоха, ці Віні-Пухам. Ён вельмі любіць прыгоды і падарожжы. І вось сёння для свайго маршруту ён выбраў менавіта наш горад! І гэта не дзіўна — у нас на кожным кроку помнікі і гістарычныя мясціны!
А пачалося нечаканае падарожжа Мядзведзяняці Паддынгтона па Навагрудку , вядома ж, з чыгуначнага вакзала. Так-так, мы не памыліліся. Бо была ў Навагрудку чыгунка! Пра гэта можна пачытаць, напрыклад, у кнізе М.П.Гайбы «Сем вежаў Навагрудка», якая ёсць ў бібліятэках горада.
Як лічыце, куды ён рушыў далей? Што перш-наперш прываблівае любога турыста? Вядома, гэта Навагрудскі замак!
Навагрудскі замак — унікальны помнік абарончай архітэктуры эпохі Сярэднявечча, старажытны цэнтр Навагрудка, рэзідэнцыя вялікіх князёў Вялікага Княства Літоўскага. Існаваў з XIII па XVII стагоддзі. Сёння захаваліся падмуркі ўмацаванняў з пабудовамі і руіны вежаў, на якіх і пабываў наш Паддынгтон.
А яшчэ з вышыні Замкавай гары ён убачыў велічны Касцёл Перамянення Пана, больш вядомы навагрудчанам як Фарны. Гэта галоўны каталіцкі храм Навагрудка, адзін з найстарэйшых на беларускіх землях. А з 2018 года ён носіць тытул свяцілішча, дзе захоўваюцца ўшанаваныя рэліквіі. Касцёл заснаваны князем Вітаўтам у 1395 годзе неўзабаве пасля хрышчэння ВКЛ.
У 1422 годзе ў Фарным касцёле былі абвянчаны кароль Уладзіслаў ІІ (Ягайла) і князёўна Соф’я Гальшанская, якія паклалі пачатак каралеўскай дынастыі Ягелонаў, што кіравалі амаль 200 гадоў.
12 лютага 1799 года ў касцёле быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. З гэтай нагоды ў 1920-я гады на сцяне касцёла, злева ад уваходу, усталяваная невялікая мармуровая шыльда.
У храме можна ўбачыць Мармуровы барэльеф (1643 г.) у памяць аб навагрудскіх рыцарах, якія загінулі ў бітве з туркамі пад Хоцінам у 1621 годзе, а таксама абраз Божай Маці Навагрудскай (у каталіцкай рэдакцыі), якая здаўна лічыцца цудатворнай.
Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Падзівіўшыся з Замкавай гары на неабсяжныя гарыстыя прасторы старажытнага Навагрудка, Паддынгтон рушыў далей. Па дарозе ад замка ён сустрэў Адама Міцкевіча, дакладней — помнік славутаму паэту. І зразумеў, што гэта падказка, куды яму трэба рухацца далей.
Мядзведзік трохі адпачыў, падсілкаваўся і працягнуў свой шлях.
І вось ён ужо каля Дома-музея Адама Міцкевіча. Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку таксама ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Музей уяўляе сабой не толькі біяграфічную музейную экспазіцыю, але і музей «пад адкрытым небам». Тут адноўлена сядзіба пачатку 19 стагоддзя: дом, флігель, клець, калодзеж, альтанка. А яшчэ захоўваюцца арыгінальныя прадметы, звязаныя з паэтам і яго акружэннем. А ва ўтульным дворыку цвітуць кветкі ). «Кажуць, тут вельмі прыгожыя півоні, а яшчэ праходзяць балі…трэба будзе вярнуцца…»
Наш Паддынгтон развітаўся з вялікім паэтам Адамам Міцкевічам і рушыў далей. Часу ў яго сёння ўжо заставалася няшмат, а гэдак хацелася паглядзець на гістарычны Навагрудак! Таму ён без ваганняў накіраваўся ў Міні-музей міні-макетаў «Страчаная спадчына», што працуе ў Навагрудскай раённай бібліятэцы. А сустрэла нашага сябра прыгажуня-гараджанка!
Яна паказала Паддынгтону макеты вузкакалейнай чыгункі Наваельня-Любча, Палац Храптовіча ў Шчорсах, плошчу Навагрудка пачатку мінулага стагоддзя. Прыгажуня гараджанка правяла захапляльнае падарожжа і па Рынкавай плошчы: яна расказала і паказала на макетах, дзе былі банкі, гасцініцы, гандлёвыя галерэі, крамы, яўрэйскі раён Рацэло. А колькі цікавых гісторый з жыцця жыхароў Навагрудка тых часоў пачуў Паддынгтон!!! Сапраўднае падарожжа ў часе атрымалася! «Колькі тут цікавосткаў, трэба будзе вярнуцца …»
Вельмі спадабалася Мядзведзяняці Паддынгтону ў міні-музеі. А гараджанка, да таго ж, запрасіла нашага героя ў рэтра-фотаатэлье! І нават дазволіла з ёю сфатаграфавацца! Захапленню Паддынгтона не было межаў! Тым больш, што тут ён знайшоў сябра — рэтрамішку)
Гэдак не хацелася Мядзведзяняці Паддынгтону развітвацца з прыгожай Гараджанкай и Навагрудкам, але трэба было спяшацца на вакзал. Там ён нечакана сустрэў яшчэ аднаго славутага беларускага паэта — Якуба Коласа! Паддынгтон даведаўся, што ўпершыню Якуб Колас пабываў у Навагрудку яшчэ ў канцы 1940 года, у складзе рэспубліканскай камісіі па правядзенню мерапрыемстваў, звязаных з 85-годдзем са дня памяці Адама Міцкевіча. Разам з Я.Купалам, П.Броўкам і іншымі дзеячамі беларускай культуры Якуб Колас наведаў Навагрудак, пабываў у Доме-музеі Адама Міцкевіча, як і сёння наш Паддынгтон)
Вось такое цікавае падарожжа атрымалася! Але гэта толькі маленькая частка таго, што змог убачыць Паддынгтон у Навагрудку. Ён вельмі зацікавіўся гісторыяй нашага горада і паабяцаў сабе абавязкова сюды вярнуцца!
Бывай, дружа! Чакаем цябе ў нашым прыгожым горадзе! Прыязджай разам з сябрамі!