Слаўны сын зямлі Навагрудскай

Навагрудак вядомы чалавецтву тым, што тут рос, вучыўся, набіраўся жыццёвага вопыту і мудрасці Адам Міцкевіч. Гэтыя мясціны добра памятаюць слыннага паэта, 225-годдзе якога мы святкуем у гэтым годзе.

Адам Міцкевіч нарадзіўся 24 снежня 1798 года ў сям’і небагатага адваката Міколы Міцкевіча, які пражываў з сям’ёй у фальварку Завоссе Навагрудскага павета . У лютым наступнага года ён быў ахрышчаны ў Фарным касцёле Навагрудка, а ў 1807-м адправіўся атрымліваць адукацыю ў Дамініканскую школу пры Навагрудскім храме Міхаіла Архангела. Хлопчык выдатна выяўляў сябе на ўсіх прадметах, скардзіліся настаўнікі толькі на яго неразборлівы почырк і абыякавасць да чыстапісання. Вольны час Адам праводзіў разам з братамі на гары Міндоўга, дзе гуляў у рыцараў і прыдумляў бясконцыя гісторыі пра герояў ранейшых гадоў. А ўвечары мог гадзінамі слухаць легенды і казкі нянькі Ганны і старога слугі Блажэя. Нацыянальны эпас, народныя святы і традыцыі, якімі Адам цікавіўся з дзяцінства, не зніклі з яго памяці і знайшлі новае ўвасабленне ў творах Міцкевіча.

Адам Міцкевіч стаў паэтам і ўславіў Навагрудчыну ў сваіх неўміручых творах, быў адданы гэтай зямлі ўсім сэрцам: «Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: не цэнім, маючы, а страцім залатое – шкада, як і красы твае, мой родны краю. Тугою па табе тут вобраз твой ствараю…». Так пісаў Міцкевіч пра зямлю, дзе нарадзіўся, у сваёй паэме «Пан Тадэвуш». Менавіта любоў да роднай зямлі, разважанні пра яе лёс натхнілі Адама Міцкевіча да стварэння гэтага найбольш значнага яго твора – паэмы «Пан Тадэвуш», якую з поўным правам называюць шэдэўрам сусветнай літаратуры. Аб тым, што падзеі адбываюцца на Навагрудчыне, сведчаць назвы вёсак Брацянка, Кашалева, Купіск, Ятра і іншыя. «Калі за што, дык за «Пана Тадэвуша»  ўдзячныя навагрудчане павінны паставіць мне помнік на гарадской плошчы», – пісаў Адам Міцкевіч свайму сябру Ігнацію Дамейку.

Падчас летніх канікул адзін з універсітэцкіх сяброў пазнаёміў Адама са сваёй сваячкай Марыляй Верашчакай, якая жыла ў Туганавічах. Марыля апынулася незвычайнай дзяўчынай: грала на фартэпіяна, любіла спяваць, вывучала французскую мову і выдатна ведала заходнееўрапейскую рамантычную паэзію. Успыхнула вялікае і чыстае каханне, якое абудзіла ў Міцкевічы сапраўднага паэта. Свае самыя далікатныя лірычныя вершы Адам Міцкевіч прысвяціў Марылі.

Адам і Марыля часта гулялі па наваколлі і хадзілі на Свіцязь. Падчас такіх прагулак мясцовы рыбак распавядаў маладым людзям цікавыя легенды пра русалак, якія выходзяць з возера і завабліваюць сваёй прыгажосцю юнакоў. Тады Міцкевіч даведаўся і пра горад Свіцязь, які аднойчы сышоў пад зямлю, а на яго месцы з’явілася возера. Так з’явіліся балады «Свіцязь», «Свіцязянка», якія ўвайшлі ў першы том твораў паэта «Балады і рамансы».

Вядомыя людзі ў жыцці Міцкевіча

Жыццёвыя сцежкі Адама Міцкевіча пачаліся на Навагрудчыне, а праляглі затым праз Вільню, Коўна, Пецярбург, Адэсу, Еўпаторыю, Бахчысарай, Маскву, Берлін, Дрэздэн, Рым, Веймар, Лазану, Парыж, Стамбул, вывелі яго на агульнаеўрапейскі ўзровень. Аб гэтым сведчыць і тое, з кім ён сустракаўся, быў у сяброўстве, узаемаадносінах.

Сябрамі Адама Міцкевіча, землякамі з Навагрудчыны, былі беларускі фалькларыст і паэт Ян Чачот і вядомы вучоны-геолаг Ігнацій Дамейка, які стаў ганаровым грамадзянінам Чылі, дзе ў свой час быў рэктарам універсітэта ў сталіцы гэтай краіны.Міцкевіч і Пушкін. Адносіны паміж гэтымі паэтычнімі геніямі насілі няпросты характар. Уключалі яны не толькі велізарнае ўзаемнае прыцягненне, але і моманты адчувальнага адштурхвання. Гэтыя адносіны можна выказаць такім выразам: такія падобныя і такія розныя. Лёсу было заўгодна, каб Міцкевіч і Пушкін былі аднаго ўзросту — яны нарадзіліся з розніцай у паўгода. Сябры як па жыцці, так і ў творчасці. Яны перакладалі адзін аднаго. Пушкін характарызаваў свайго сябра Міцкевіча і называў яго вялікім паэтам-імправізатарам і паэтам-прарокам.

Часам некаторыя літаратуразнаўцы параўноўваюць Пушкіна і Міцкевіча, як Анегіна і Ленскага. Напэўна, таму, што жыццёвыя шляхі літаратурных герояў і іх стваральнікаў з часам разышліся. Тым не менш, пасля смерці Аляксандра Пушкіна Міцкевіч напісаў у 1837 годзе шчыры, пранікнёны і кранальны некралог-артыкул «Пушкін і літаратурны рух у Расіі». Ён нязменна лічыў свайго сябра першым і ў сваім родзе адзіным, непаўторным нацыянальным геніем. Але Пушкін таксама ўспрымаў Міцкевіча як геніяльнага спевака родных пенатаў. Па сведчанні сучаснікаў, гутаркі Міцкевіча і Пушкіна былі максімальна сяброўскімі і адкрытымі…

Пачытаць пра жыццё і творчасць Адама Міцкевіча можна ў кнігах і артыкулах, якія прадстаўлены на выставе, што дзейнічае ў нашай бібліятэцы. Сардэчна запрашаем далучыцца да святкавання славутага юбілею!

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.