Кнігі пра лагеры смерці — вечны боль, і вечны напамін
11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
Гісторыя чалавецтва поўная трагедый, і адной з самых жахлівых старонак у гісторыі з’яўляецца гісторыя канцэнтрацыйных лагераў, створаных нацысцкай Германіяй падчас Другой сусветнай вайны. Гэтыя лагеры сталі сімвалам бесчалавечнасці і жорсткасці, дзе мільёны людзей падвяргаліся катаванням, голаду, гвалту і смерці. Нездарма яны атрымалі назву «лагераў смерці».
11 красавіка 1945 года вязні канцэнтрацыйнага лагера Бухенвальд — аднаго з самых страшных лагераў смерці — паднялі інтэрнацыянальнае паўстанне супраць гітлераўцаў і выйшлі на волю. Усяго на тэрыторыі Германіі і акупаваных ёю краін дзейнічала больш за 14 000 канцлагераў.
Не меншай жорсткасцю адрозніваліся канцэнтрацыйныя лагеры, створаныя фашыстамі на тэрыторыі Беларусі, якіх налічвалася больш за 500. Найбольш буйныя з іх знаходзіліся ў Мінску — у раёне Нямігі і Трасцянцы, а таксама ў Азарычах, Гомелі, Полацку і Бабруйску. У іх былі знішчаны каля 3 млн мірных жыхароў.
У нашай бібліятэцы сёння прайшлі кнігаметры памяці «Кнігі пра лагеры смерці – вечны боль, і вечны напамін». Увазе чытачоў — пастаянная выстава, прысвечаная генацыду беларускага народа.
Гісторыя вязняў фашысцкіх лагераў — гэта гісторыя нечалавечых пакут і гераічнага супраціўлення. Яна нагадвае нам пра важнасць барацьбы за правы чалавека і недапушчальнасці паўтарэння падобных трагедый.
Мы абавязаны памятаць і шанаваць памяць тых, хто прайшоў праз пекла нацысцкіх лагераў, каб такія жахі больш ніколі не паўтараліся.




