Масленіца ідзе! Блін ды мёд нясе!🍪🧀🍯

А ў нас сягоння Масленіца, Прыляцела ластавіца, Села, пала на жэрдачку, Шчабятала вестачку.

А якую вестачку?

Што вясна ідзе, нам цяпло нясе.  Масленіца — шэра вутка,  Гаварыла вясна: буду, ды няхутка!

А мы яе пагукаем : Прыйдзі, прыйдзі, вясна! Прыйдзі, прыйдзі, красна!  Да нас у таночак. Прынясі нам збожжа! Прынясі нам кветак! Каб нам звіць вяночак.

Вось такімі народнымі  гуканнямі вясны сёння ў нашай бібліятэцы пачалася масленічная этна-гасцёўня. 

Масленіца старажытнае перадвеснавое свята ў славянскіх народаў, звязанае з культам прыроды (адраджэннем пладаносных сіл зямлі). Асноўная накіраванасць абраднасці Масленіцы — провады зімы, паскарэнне прыходу вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю і дастатку ў хаце. Святкавалі масленіцу некалькі дзён. Царква прымеркавала масле­ніцу на нядзелю перад вялікім постам. На масленічным тыдні, у дзень так званага святога Уласа, у некаторых мясцінах Беларусі аб’язджалі коней і валоў. У гэты ж дзень моладзь наладжвала гушканне на арэлях (магічны сэнс гушканняў — каб лён доўгім рос), каталася на санках, спявала масленічныя песні. Тэматыка іх працоўна-земляробчая, а таксама жартоўна-бытавая і гарэзліва-любоўная. На Беларусі на масленіцу адведвалі бабку-павітуху. Існаваў звычай цягання хлопцамі «калодкі» па сяле з абавязковым заходам у хату, дзе была сталая дзяўчына; яна павінна была пачаставаць іх. Не прыпыніцца з «калодкаю» перад хатаю дзяўчыны лічылася знявагай для яе. Вядомы і іншыя звычаі. У панядзелак на мас­ленічным тыдні збіраліся жанчыны, прывязвалі да «калодкі» адзін канец папружкі ці пояса, а другі канец — да халастога хлопца, які сустрэўся ім, як бы ў пакаранне за тое, што ён не ажаніўся за мінулы мясаед (перыяд пасля каляд). Калі хлопец не хацеў цягаць «калодку» за сабою ўвесь дзень, ён мусіў адкупіцца. Тое ж адбывалася і з дзяўчатамі. На масленіцу абавязкова пяклі бліны. 

Каб бліночкі атрымаць, трэба пастарацца: Метка снежкамі кідаць, з цестам завіхацца.🍪 І, цягаючы канат, каб не паваліцца,🍯 І ў Масленічных дзяньках каб не памыліцца. 🥞У гульню “Фанцікі-цукеркі”, “Залаты вароты”, 🧇“Бульбачка”, “Пячэм бліны” можна да суботы. 🍩А, як зазвіняць званы, усе без выключэння,🥟 Просяць адзін у аднаго шчыра прабачэння. 🍪Рады нашы чытачы ўсе павесяліцца 🧀І к традыцыям народным дружна далучыцца…

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.