На агеньчык да юбіляра…Штрыхі да партрэта Рыгора Барадуліна

Сёння мы адзначаем 90-гадовы юбілей народнага паэта Рэспублікі Беларусь Рыгора Барадуліна

Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года ў сялянскай сям’і на хутары Верасоўка (цяпер вёска Гарадок) Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1939 годзе хутар быў ліквідаваны, і сям’я паэта пераехала ва Ушачы. Гэты азёрны, песенны край і стаў крыніцай творчасці паэта.

Вялікая Айчынная вайна ў лёсе Барадуліна звязана з трагічнымі падзеямі. У 1944 годзе быў забіты яго бацька, а пазней пры адступленні немцы спалілі іх дом. Маці ў адзіночку несла на сваіх плячах усе нягоды, выхоўваючы сына.

Будучы пісьменнік вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе. Любімыя настаўнікі, якія працавалі там, давалі станоўчы прыклад, фарміравалі ідэалы прыгажосці і чалавечнасці, абуджалі ў душы падлетка прагу да ведаў, любоў і цікавасць да роднага слова. Прыкметны ўплыў на выбар жыццёвага шляху будучага паэта аказаў настаўнік роднай літаратуры Канстанцін Паўлавіч Баразна, якога Рыгор Барадулін называў сваім першым літаратурным настаўнікам. Ён наладзіў выпуск школьнага літаратурнага альманаха «Першыя крокі». Там упершыню з’явіліся вершы старшакласніка Р. Барадуліна – аднаго з першых паэтаў Ушацкай школы.

Першыя вершы Барадуліна, надрукаваныя па-за старонкамі школьнага альманаха, былі змешчаны ў 1953 годзе ў газеце» Чырвоная змена » пад псеўданімам Алесь Чабор. Цыкл вершаў «На зямлі вялікай», які склаў асноўны змест першай кнігі «Маладзік над стэпам » (1959), быў удастоены сярэбранага медаля на VI Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у 1957 годзе.

Пасля школы Р. Барадулін вучыўся на філалагічным факультэце БДУ, які скончыў у 1959 годзе. Універсітэт адкрыў Барадуліну новага, «нехрэстаматыйнага», вялікага Янку Купалу. Сваімі літаратурнымі настаўнікамі Р. Барадулін лічыў П. Броўку, П. Панчанку, А. Вялюгіна. Рыгор Барадулін пазнаёміўся і пасябраваў на ўсё жыццё са шчырым і непасрэдным Уладзімірам Караткевічам, які ўжо тады здзіўляў аднагодкаў сваёй адукаванасцю.

Яркі, самабытны талент, смелая метафарычная вобразнасць — усё гэта абумовіла павышаную цікавасць да творчасці маладога паэта. Яго папулярнасць расла з кожнай новай кнігай. Зборнікі вершаў пачалі рэгулярна выдавацца ў 1960-х гадах: «Рунець, красаваць, налівацца!», «Неруш»,» Адам і Ева»,» Лінія перамены дат » і інш.

Яшчэ студэнтам Р. Барадулін быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969), «Мастацкая літаратура» (з 1972). Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).

Барадулін паспяхова займаўся перакладамі. Дзякуючы яму на беларускай мове былі выдадзены «Слова пра паход Ігараў», творы Федэрыка Гарсія Лоркі, Уільяма Шэкспіра, Джорджа Гордана Байрана, Сяргея Ясеніна, Амара Хаяма, Яўгена Еўтушэнкі і інш.У 2007 годзе выйшла кніга з перакладамі вершаў з японскай, кітайскай, в’етнамскай і Карэйскай літаратуры «Гуканне паэзіі Ўсходу». Вершы Барадуліна перакладаліся на дзясяткі іншых моваў.

Многія творы Рыгора Барадуліна пакладзены на музыку.

Рыгор Барадулін-лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1976). Ён узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў,» Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны. У 1992 годзе яму было прысвоена званне народнага паэта Беларусі. У 2006 годзе Барадулін быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».

Рыгор Барадулін памёр у сакавіку 2014 года і быў пахаваны на могілках ва Ушачах побач з магілай маці, як і пажадаў пры жыцці.

У сваіх творах Рыгор Барадулін гаварыў пра трываласць асноў народнай маралі і этыкі, таленавітасць беларускага народа і яго багатую духоўнасць. Ён пакінуў пасля сябе ўнікальную спадчыну, якая працягвае натхняць і сёння.

 

Поделиться ссылкой:

Администратор

Поделиться

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.